На цудоўнай зямлі – цудоўнае свята

На цудоўнай зямлі — цудоўнае свята

Гэтыя словы перадаюць тую атмасферу, якая яшчэ доўга будзе перапаўняць пачуцці акцябрычан і гасцей раёна пры ўспаміне прайшоўшага свята, прымеркаванага да Дня працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўваючай прамысловасці АПК. Кругом адчуваліся ранішняе абуджэнне і добры настрой. А наперадзе – яшчэ столькі адказных і добрых спраў, галоўная з якіх — ушанаванне працаўнікоў зямлі, якое праходзіла ў цэнтры адпачынку. Але, усё па парадку.


Спачатку дэлегацыя з ліку старшыні райвыканкама Сяргея Даўгалёва, а таксама членаў прэзідыума раённага выканаўчага камітэта, прайшлася каля выставак-презентацый хлебабулачных і малочных вырабаў мясцовых заводаў, дзе іх гасцінна сустракалі гаспадары. Шмат уражанняў пакінула ў удзельнікаў і гасцей мерапрыемства выстава-прэзентацыя “Каравай-2021”, якая разгарнулася ў фае ўстановы культуры. Арыгінальная ідэя, цікавы падыход, творчасць – краналі кожнага, хто меў да яе дачыненне. Тут былі прадстаўлены сельгаспрадпрыемствамі раёна розныя па форме, памерах і колькасці караваі з новага ўраджаю. Духмяны водар разносіўся па ўсім памяшканні. Так, па знешнему выгляду і кандытарскаму аздабленню лепшымі былі вызначаны караваі ААТ “Маісееўка”, ААТ “Акцябрскі-Агра” і ААТ “Ламавічы”. Кіраўнікі гаспадарак Алена Балашэнка, Святлана Масько і Сяргей Бабранок атрымалі Дыпломы пераможцаў.
… І вось ён – урачысты момант. Галоўны каравай з новага ўраджаю ўздымае ўгору старшыня райвыканкама Сяргей Даўгалёў. Уручылі караваі і ўсім кіраўнікам гаспадарак, як сімвал дабрабыту і хлебасольнасці акцябрычан. У першых радах глядзельнай залы — лепшыя працаўнікі раёна. Тут іх сабрала менавіта гэтае свята, наша славянская традыцыя пабываць адной сям’ёй разам, сабраўшы ўраджай і зладзіўшы гулянне. Шмат сардэчных слоў у адрас пераможцаў прагучала ад старшыні раённага выканаўчага камітэта Сяргея Даўгалёва. У сваім звароце да прысутных Сяргей Мікалаевіч адзначыў, што нішто ў жыцці не заменіць нам хлеб. А мы ў сваю чаргу павінны берагчы і прымножваць тое багацце, якім шчодра дзеліцца з намі зямля. Таму павага да працы хлебароба з’яўляецца асновай асноў. Шчырыя віншаванні таксама гучалі ад старшыні райсавета дэпутатаў Алега Таргонская, першага намесніка старшыні райвыканкама, начальніка упраўлення сельскай гаспадаркі Акцябрскага райвыканкама Таццяны Новік, старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Мікаля Раговіча.
З прыемнымі хваляваннямі на сцэну падымалісь пераможцы. За дасягнутыя высокія вынікі ў сельскагаспадарчай працы кожнаму асабіста найлепшыя словы і падарункі. Высокую ўзнагароду — юбілейны медаль “100 год органам дзяржаўнага кіравання сельскай гаспадаркі і харчавання” атрымаў дырэктар ААТ “Дзербін” Сяргей Якуш і тэхнік-асеменатар з гэтай гаспадаркі Галіна Ігнатовіч, якая была ўзнагароджана нагрудным знакам за заслугі ў сельскагаспадарчай галіне. Ва ўрачыстай абстаноўцы іх узнагародзіў намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчавання Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Аўдзееў. Трэба адзначыць, што віншаванні на раённым свяце прымалі і маладыя спецыялісты сельскагападарчай галіны Акцябршчыны. Яны працягваюць справу сваіх папярэднікаў, пагэтаму моладзь па-за ўвагай таксама не засталася.
Урачыстую цырымонію святкавання працягнуў святочны канцэрт, удзел у якім прымалі мясцовыя выканаўцы і творчыя калектывы раёна. Песня ва ўсіх “ішла” ад душы. Артысты ўслаўлялі хлебаробаў! Людзей шчырых і працавітых! Бо няма нічога важней за працу, якая рухае жыццё наперад.